Вынікі рэферэндуму аб членстве ў Еўрапейскім Саюзе, 24 Чэрвеня 2016
Прэм'ер-міністр Дэвід Кэмеран на Даўнінг-стрыт зрабіў заяву з нагоды вынікаў рэферэндуму аб членстве Вялікабрытаніі ў Еўрапейскім Саюзе.
PM’s statement in Downing Street
Краіна толькі што прыняла ўдзел у маштабным дэмакратычным працэсе, магчыма, самым істотным у нашай гісторыі. Больш за 33 мільёны чалавек – з Англіі, Шатландыі, Уэльса, Паўночнай Ірландыі і Гібралтара – выказалі сваё меркаванне.
Мы павінны ганарыцца тым, што на гэтых астравах мы давяраем нашаму народу такія вялікія рашэнні.
У нас не толькі дзейнічае парламенцкая дэмакратыя, але ў выпадках, калі пытанне тычыцца прынцыпаў дзяржаўнага кіравання, узнікае неабходнасць наўпрост спытаць людзей, і гэта тое, што мы зрабілі.
Брытанскі народ прагаласаваў на карысць выхаду з Еўрапейскага Саюза, і яго рашэнне павінна быць прынятым.
Я хачу падзякаваць усім, хто прымаў удзел у кампаніі ў падтрымку маёй пазіцыі, у тым ліку тым, хто адкінуў партыйныя рознагалоссі, каб выказацца на карысць таго, што яны лічылі лепшым рашэннем для краіны.
І дазвольце мне павіншаваць тых, хто падтрымаў кампанію за выхад, з тым, як горача і энергічна яны адстойвалі сваю пазіцыю.
Воля народа Вялікабрытаніі – гэта прадпісанне, якое павінна быць выканана. Гэта рашэнне было нялёгка прыняць, не ў апошнюю чаргу таму, што такая колькасць розных арганізацый выказала розныя пункты гледжання аб значнасці гэтага выбару.
Таму не можа быць ніякага сумневу ў выніках.
Па ўсім свеце чакалі рашэння, зробленага Вялікабрытаніяй. Я хачу запэўніць рынкі і інвестараў у тым, што брытанская эканоміка па-ранейшаму моцная.
І я таксама хачу запэўніць брытанцаў, якія пражываюць у еўрапейскіх краінах, і еўрапейцаў, якія пражываюць тут, што не будзе ніякіх імгненных зменаў у іх становішчы. Першапачаткова не будзе ніякіх зменаў у тым, як падарожнічаюць нашы грамадзяне, транспартуюцца нашы тавары і прадаюцца нашы паслугі.
Цяпер нам неабходна падрыхтавацца да перамоваў з Еўрапейскім Саюзам. Гэта запатрабуе паўнацэннага ўцягвання ўрадаў Шатландыі, Уэльса і Паўночнай Ірландыі для таго, каб інтарэсы ўсіх частак Злучанага Каралеўства былі абаронены і ўмацаваны.
Але больш за ўсё гэта запатрабуе моцнага, рашучага і пераканаўчага лідарства. Для мяне вялікі гонар тое, што я быў Прэм’ер-міністрам гэтай краіны на працягу шасці гадоў.
Я веру, што мы зрабілі значныя крокі: зараз працаўладкавана найвялікшая колькасць людзей за ўсю нашу гісторыю, праведзены рэформы сацыяльнага забеспячэння і адукацыі, якія даюць людзям новыя магчымасці і выбудоўваюць больш моцнае грамадства. Мы выконваем нашы абяцанні перад найбяднейшымі народамі свету і дазваляем тым, хто любіць адзін аднаго, браць шлюб, нягледзячы на іх сексуальную арыентацыю.
Але, перш за ўсё, мы аднавілі эканоміку Вялікабрытаніі, і я ўдзячны ўсім, хто дапамог нам гэта зрабіць.
Я заўсёды лічыў, што мы павінны глядзець у твар складаным рашэнням, а не пазбягаць іх.
Менавіта таму мы стварылі першы кааліцыйны ўрад за 70 гадоў – з мэтай вывесці нашу эканоміку з заняпаду, у якім яна знаходзілася. Таму мы правялі справядлівы, законны і вырашальны рэферэндум у Шатландыі. Па той жа прычыне я даў абавязацельства перагледзець пазіцыю Вялікабрытаніі ў Еўрапейскім Саюзе і правесці рэферэндум аб нашым членстве, і я давёў гэтую справу да канца.
Я вёў гэтую барацьбу адзіным спосабам, які мне вядомы – кажучы прама і горача аб тым, што я думаю і адчуваю - галавой, сэрцам і душой.
Я нічога не хаваў.
Я абсалютна адкрыта агучыў сваю перакананасць у тым, што Вялікабрытанія будзе больш моцнай, бяспечнай і паспяховай у складзе Еўрапейскага Саюза, і я выразна пазначыў, што дадзены рэферэндум прысвечаны гэтаму і толькі гэтаму – а не будучаму любога асобна ўзятага палітыка, у тым ліку мяне.
Аднак народ Вялікабрытаніі прыняў адназначнае рашэнне пайсці ў іншым накірунку, у сувязі з чым я лічу, што краіне патрэбны новы лідар, здольны павесці людзей па выбраным імі шляху.
Я зраблю ўсё магчымае як Прэм’ер-міністр для таго, каб утрымаць стабільны курс карабля на працягу бліжэйшых тыдняў і месяцаў, аднак не думаю, што мне варта быць капітанам, які павядзе нашу краіну ў наступнае плаванне. Мне было нялёгка прыняць гэтае рашэнне, але я ўпэўнены, што такі перыяд стабільнасці паслужыць інтарэсам краіны, а затым спатрэбіцца новае кіраўніцтва.
У дадзены момант няма неабходнасці гаварыць аб дакладных часавых рамках, аднак, на маю думку, пажадана, каб новы Прэм’ер-міністр уступіў на пасаду да пачатку з’езда Кансерватыўнай партыі ў кастрычніку.
Падтрыманне стабільнасці цяпер вельмі важна, і мы з урадам працягнем выконваць свае абавязкі на працягу наступных трох месяцаў. Пасяджэнне Кабінета Міністраў адбудзецца ў панядзелак.
Кіраўнік Банка Англіі раскажа пра тыя крокі, якія Банк і Міністэрства фінансаў робяць для таго, каб даць гарантыі фінансавым рынкам. Мы таксама працягнем працу над важнымі заканатворчымі задачамі, якія былі пастаўлены перад Парламентам у троннай прамове Каралевы. Сёння раніцай я аберкаваў свае далейшыя дзеянні з Яе Вялікасцю Каралевай. Перамовы з Еўрапейскім Саюзам павінны пачацца пад кіраўніцтвам новага Прэм’ер-міністра. Я лічу, што будзе правільным, каб гэты новы Прэм’ер-міністр прыняў рашэнне аб тым, калі менавіта варта звярнуцца да Артыкула 50 і пачаць працэс выхаду з ЕС на фармальным і юрыдычным узроўні.
На наступным тыдні я буду ўдзельнічаць у пасяджэнні Еўрапейскага Савета для таго, каб растлумачыць рашэнне, якое прыняў народ Вялікабрытаніі, і маё ўласнае рашэнне.
Брытанскі народ зрабіў свой выбар. Мы павінны паважаць яго і больш за тое, тыя, хто пацярпеў паразу, у тым ліку я, павінны зрабіць усё, каб дапамагчы ў рэалізацыі гэтага рашэння.
Вялікабрытанія – асаблівая краіна.
У нас мноства пераваг.
Наша парламенцкая дэмакратыя дапамагае нам вырашаць вельмі складаныя праблемы, якія датычацца нашай будучыні, шляхам мірных дыскусій. Мы вялікая гандлёвая нацыя, чые дасягненні ў галіне навукі, мастацтваў, інжынерыі і творчых індустрый прызнаныя ва ўсім свеце.
І хоць мы не ідэальныя, я веру, што мы можам быць прыкладам шматнацыянальнай і шматканфесійнай дэмакратыі, дзе любы чалавек мае магчымасць зрабіць свой унёсак і цалкам рэалізаваць свой патэнцыял.
Хоць выхад з Еўрапейскага Саюза – гэта не той шлях, які я рэкамендаваў, я гатовы быць першым, хто пакажа на нашы моцныя бакі. Я і раней казаў, што Брытанія зможа пражыць па-за Еўрапейскім Саюзам, і, безумоўна, мы зможам знайсці спосаб увасобіць гэта ў жыццё.
Цяпер, калі рашэнне аб выхадзе прынята, мы павінны знайсці для гэтага аптымальны шлях, і я гатовы зрабіць для гэтага ўсё магчымае.
Я люблю гэтую краіну – і служыць ёй было гонарам для мяне.
І ў будучыні я гатовы зрабіць усё, каб садзейнічаць росквіту гэтай вялікай краіны.
Updates to this page
Апублікавана 24 Чэрвень 2016Апошняе абнаўленне 28 Чэрвень 2016 + show all updates
-
Added translation
-
Added translation
-
Added translation
-
Added translation
-
Added translation
-
Added translation
-
First published.